Кафедра фізікі

Гістарычная даведка

Кафедра фізікі была створана ў 1930 г. у працэсе рэарганізацыі ляснога факультэта Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі (г. Горкі) ў Лясны інстытут у г. Гомелі. У хуткім часе ён перабазіраваўся ў г. Мінск і быў перайменаваны ў Беларускі лесатэхнічны інстытут (1934 г.), а ў 1935 г. яму было прысвоена імя С. М. Кірава. У гэты перыяд кафедрай матэматыкі і фізікі загадваў дацэнт В. Н. Дракін. У той час на кафедры быў закладзены напрамак навуковых даследаванняў па фізіцы - іонная праводнасць крышталяў.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны калектыў кафедры быў эвакуіраваны разам з інстытутам у г. Свярдлоўск і працаваў сумесна з кафедрай фізікі Уральскага лесатэхнічнага інстытута, якую ўзначальваў прафесар К. Н. Шапашнікаў, а з 1943 г. - прафесар Н. Н. Каўцэвіч. Супарцоўнікамі кафедры распрацоўваліся пытанні абсарбцыйнага аналізу, дазіметрыі радыеактыўных і рэнтгенаўскіх выпраменьванняў, канструяваліся аптычнае абсталяванне для палявой хірургіі.

У 1944 г. пасля вяртання з эвакуацыі была арганізавана кафедра фізікі і метэаралогіі, якую ўзначаліў дацэнт Н. В. Афанасьеў. Паступова сфарміравалася навуковая тэматыка кафедры па электраэразійнай апрацоўцы металаў. C 1951 па 1959 гг. кафедрай фізікі, электратэхнікі і метэаралогіі загадваў старшы выкладчык В. М. Спірыдонаў. Калектыў кафедры актыўна працаваў над стварэннем вучэбнай лабараторнай базы, пачаў  праводзіць навуковыя даследаванні электрычных уласцівасцей драўніны. У 1959 г. са складу існуючай у той час кафедры вылучылася кафедра фізікі, якой да 1961 г. загадваў доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар В. І. Арабаджы. Ён з'яўляўся спецыялістам у галіне акустыкі і атмасфернай электрычнасці, напісаў манаграфію «Навальніца і навальнічныя працэсы» (1960 г.).

Актыўна развіваўся напрамак па тэарэтычным і эксперыментальным вывучэнні асноўных характарыстык выпраменьвання і аптычнай анізатрапіі лазераў на аснове раствораў фарбавальнікаў. Яго ўзначальваў дацэнт К. І. Рудзік, які пасля заканчэння фізічнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага парцаваў на кафедры фізікі з 1964 па 2014 г. Яго навуковая дзейнасць звязана з даследаваннямі, якія праводзіліся ў Інстытуце фізікі АН БССР.   Пачынаючы з 1965 г. старшы выкладчык пазней дацэнт Л. П. Гольман у супрацоўніцтве з кафедрай арганічнай хіміі праводзіў актыўныя даследаванні па малекулярнай спектраскапіі. У 1975 г. пад яго кіраўніцтвам пры кафедры фізікі была створана факультэцкая міжкафедральная лабараторыя малекулярнай спектраскапіі, якая забяспечвала навуковыя патрэбы лабараторый і кафедраў інстытута. Даследаванні ў галіне тэарэтычнай фізікі, у прыватнасці, фізікі элементарных часціц,  атамнай фізікі і фізікі атамнага ядра  развіваліся дацэнтамі С. І. Лабко і Э. І. Валмянскім. З'яўляючыся метадыстамі высокага ўзроўню, на працягу ўсяго перыяду працы на кафедры яны прымалі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і выданні вучэбнай і вучэбна-метадычнай літаратуры для абітурыентаў і студэнтаў.

З 1975 па 1986 кафедрай фізікі загадваў дацэнт, кандыдат фізіка-матэматычных навук Э. В. Ратнікаў, які раней працаваў у БДУ. Па яго ініцыятыве і пры яго непасрэдным удзеле за перыяд з 1975 па 1980 гг. калектывам кафедры была цалкам абноўлена вучэбна-лабараторная і матэрыяльная база фізічнага практыкуму і дасягнута поўнае забеспячэнне навучальнага працэсу якаснымі вучэбна-метадычнымі дапаможнікамі. Кіраўнікамі і асноўнымі выканаўцамі работ па стварэнні і абсталяванні лабараторый фізічнага практыкуму з'яўляліся: старшы выкладчык А. З. Хартанович - лабараторыя механікі і малекулярнай фізікі; старшы выкладчык А. М. Аляхновіч - лабараторыя электрычнасці і магнетызму; дацэнт Л. П. Гольман - лабараторыя оптыкі і атамнай фізікі, а таксама майстар В. І. Васенда. На Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе на лепшую вучэбную лабараторыю кафедраў агульнай фізікі, які праводзіўся ў 1982 г. калектыў кафедры фізікі заняў 2-е месца і быў узнагароджаны Граматай Міністэрства вышэйшай і сярэдняй адукацыі БССР. Кафедрай фізікі ўпершыню ў рэспубліцы быў ўкаранёны ў навучальны працэс сістэматычны праграмаваны кантроль ведаў з выкарыстаннем ЭВМ. У 1980 г. Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі СССР і ЦК ВЛКСМ ўзнагародзілі калектыў кафедры фізікі Дыпломам за актыўную працу па арганізацыі і правядзенні Усесаюзнай алімпіяды «Студэнт і навукова-тэхнічны прагрэс». У 1981 г. Прэзідыум Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў асветы, вышэйшай школы і навуковых устаноў за актыўны ўдзел у Рэспубліканскім аглядзе ВНУ па прымяненні ў навучальным працэсе тэхнічных сродкаў навучання, тэлебачання і вылічальнай тэхнікі ўзнагародзіў калектыў кафедры Ганаровай граматай. 

Адначасова з развіццём вучэбна-лабараторнай базы паспяхова ўдасканальвалася і навукова-лабараторная база. Пачаліся мэтанакіраваныя даследаванні па фізіцы ўзаемадзеяння паскораных іёнаў з рэчывам і іонна-прамянёвым мадыфікаванні фізіка-хімічных і электрафізічных уласцівасцей канструкцыйных і функцыянальных матэрыялаў. Дацэнтам, кандыдатам фізіка-татэматычных навук В. В. Паплаўскім (працуе на кафедры з 1975 г.) створаны навуковы напрамак "Фізіка-тэхналагічныя асновы інжынерыі каталітычна актыўнай паверхні функцыянальных матэрыялаў з ужываннем іённых пучкоў». Шмат намаганняў ў развіццце гэтых навуковых даследаванняў ўнеслі дацэнт І. М. Белы, які працаваў на кафедры з 1980 да 2014 г. У 1989 г. на кафедру прыйшоў працаваць доктар фізіка-матэматычных навук І. С. Ташлыкоў, які ў Навукова-даследчым інстытуце прыкладных фізічных праблем (НІІПФП пры БДУ) вёў даследаванні ў галіне фізікі ўзаемадзеяння зараджаных часціц з цвёрдым целам.   У 1992 г. пасля заканчэння БДУ пачалі працаваць дацэнты А. Г. Бабровіч і В. В. Тульеў, якія абаранілі кандыдацкія дысертацыі пад кіраўніцтвам І. С. Ташлыкова, а цяперашні час актыўна працуюць у гэтым напрамку самастойна. У выніку на кафедры атрымаў далейшае развіццё навуковы напрамак, у рамках якога вывучаюцца працэсы і механізмы ўзаемадзеяння паскораных іёнаў з цвёрдым целам для мэтанакіраванай змены механічных, каразійных, адгезійных і іншых фізіка-хімічных уласцівасцей паверхняў матэрыялаў і вырабаў.

Дацэнт, кандыдат фізіка-матэматычных навук А. Я. Пачценны (працуе на кафедры з 1975 г.) развівае навуковы напрамак «Распрацоўка метадаў атрымання, мадыфікавання і даследавання нанаструктурных матэрыялаў на аснове арганічных паўправаднікоў». У рамках гэтага напрамку распрацавана тэорыя ўласнай і прымеснай скачковы праводнасці ў неўпарадкаваных матэрыялах, якая служыць тэарэтычнай асновай для апісання і прагназавання функцыянавання элементаў арганічнай электронікі. Пад кіраўніцтвам дацэнта А.Я. Пачценнага навуковымі даледаваннямі займаліся і абаранілі кандыдацкія дысертацыі дацэнт І. П. Ільюшонак, якая працавала на кафедры з 1981 да 2014 г., ассістэнт В.К. Доўгі, які працаваў на кафедры да 2014 г., дацэнт А.В. Місевіч.

У перыяд з 1981 да 2004 г. на кафедры фізікі працаваў дацэнт, кандыдат фізіка-матэматычных навук А. М. Вісловіч, які раней працаваў у Інстытуце цепла- і масаабмену імя А. Н. Лыкава АН БССР. Пад яго кіраўніцтвам сумесна з прафесарам В. Ф. Мядзведзевым (у той час загадчыкам кафедры гідраўлікі і цеплатэхнікі) праводзіліся інтэнсіўныя даследаванні уласцівасцей магнітных вадкасцей, якія выконваліся групай супрацоўнікаў дзвюх кафедраў. Атрыманыя вынікі абагульнены ў кнізе "Уводзіны ў тэрмамеханіку магнітных вадкасцей» (1985 г., аўтары В. Г. Баштавы, Б. М. Бяркоўскі, А. Н. Вісловіч), якая была перавыдадзеная ў 1988 г. на англійскай мове. 

З 1986 да 2013 г. загадчыкам кафедры фізікі працаваў доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар І. І. Наркевіч. Навуковыя інтарэсы прафесара І.І. Наркевіча ляжаць у галіне статыстычнай фізікі неаднародных малекулярных кандэнсаваных сістэм.  Тэарэтычныя даследаванні пад яго кіраўніцтівам выконвалі А. В. Жаркевіч, дацэнт С. І. Лабко, ассістэнт А. В. Фарафонтава.  У рамках двухузроўневага падыходу выведзена набліжанае аналітычнае ўраўненне стану, якое апісвае фазавыя пераходы крышталь - вадкасць, вадкасць - газ і крышталь - газ у малекулярных сістэмах. У гэты час кафедра папоўнілася вучонымі, якія абаранілі кандыдацкія і доктарскія дысертацыі пад час працы ў Інстытутах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: дацэнт, кандыдат фізіка-матэматычных навук У. Р. Мадзьяраў  - з 2000 г., дацэнт, кандыдат фізіка-матэматычных навук Д. В. Кляніцкі – з 2001 г., прафесар, доктар фізіка-матэматычных навук А.К. Сойка (працаваў на кафедры з 2004 по 2014 г.).   У 2003 г. на кафедру прыйшоў парцаваць дацэнт, кандыдат фізіка-матэматычных навук В. В. Чаеўскі , які да гэтага працаваў вядучым тэхнолагам канцэрна "Амкадор", займаючыся прыкладнымі даследаваннямі ў галіне іённа-плазменнай мадыфікацыі цвёрдых цел. У цяперашні час дацэнт В.В. Чаеўскі сумесна з выкладчыкамі кафедры дрэваапрацоўчых інструментаў (загадчык кафедры дацэнт А. А. Грышкевіч) займаецца вывучэннем фізіка-хімічных і механічных уласцівасцяў пакрыццяў на сплавах, атрыманых з дапамогай электралітычных і іённа-плазменных метадаў, даследуюцца спосабы павышэння трываласці дрэварэзальнага інструмента.

З 2013 г. кафедру фізікі ўзначальвае доктар фізіка-матэматычных навук М.М. Крук, які да гэтага працаваў ў Інстытуце фізікі імя Б.І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. М.М. Крук узначаліў кафедру ў адказны перыяд пераходу ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны на двухступеневую сістэму адукацыі. Пад яго кіраўніцтвам была арганізавана і паспяхова выканана праца па распрацоўцы камплекта вучэбных праграм новага пакалення для студэнтаў I ступені дзённай і завочнай форм навучання па вучэбных дысцыплінах, за якія адказвае кафедра фізікі: “Фізіка”, “Метады вымярэння фізічных велічынь”, “Лазеры і тэхнічная оптыка”. Завершана праца па падрыхтоўцы новых вучэбна-метадычных комплексаў па дысціплінах, якія выкладаюцца  кафедрай. Пры актыўным удзеле загадчыка лабараторыі Л. М. Волкавай за апошні час праведзена істотная мадэрнізацыя існуючага і набыта новае абсталяванне для вучэбных лабараторый кафедры фізікі. У бягучным навучальным годзе кадравы склад кафедры змяніўся, замест ветэранаў педагагічнай працы А.М. Аляхновіча, І.М. Белага, К.І. Рудзіка на кафедру прыйші працаваць дацэнт, кандыдат біялагічных навук А.Б. Крылоў і ассістэнт, кандыдат біялагічных навук І.В. Вершылоўская.

Навуковыя інтарэсы загадчыка кафедрай, доктара фізіка-матэматычных навук М.М. Крука ляжаць у галіне малекулярнай спектраскапіі і люмінесцэнцыі складаных арганічных малекул. М.М. Крук мае вялікі вопыт працы па вывучэнні аптычных характарыстык тэтрапірольных малекул і біялагічных сістэм, якія ўтрымліваюць тэтрапірольныя храмафоры. Ім і пад яго кіраўніцтвам атрыманы шэраг прыярытэтных навуковых вынікаў, якіх апублікаваны ў вядучых сусветных выданнях. Ён арганізаваў навуковую групу з мэтай далейшых даследаванняў у галіне спектраскапіі тэтрапірольных злучэнняў для рашэння шэрагу актуальных фундаментальных і прыкладных праблем. У складзе групы – дацэнты Кляніцкі Д.В., Крылоў А.Б., ассістэнт Вершылоўская І.В. Робяцца захады па ўдасканаленні і развіцці эксперыментальнаай базы для пашырэння даследаваняў у гэтым напрамку.