Кафедра рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій

 

Спецыяльнасць: 1-47 01 01 «Выдавецкая справа» (дзённая і завочная формы навучання).
Кваліфікацыя: рэдактар-тэхнолаг.
Уступныя іспыты: беларуская (руская) мова, матэматыка, замежная мова.

Кафедра арганізавана ў 1999 годзе. Загадчыкам кафедры з’яўляецца кандыдат філалагічных навук, дацэнт Куліковіч Уладзімір Іванавіч. Кафедра з’яўляецца выпускаючай і рыхтуе спецыялістаў па выдавецкай справе (спецыялізацыі: «Рэдагаванне і апрацоўка тэкставай і графічнай інфармацыі кніжных выданняў», «Рэдагаванне і апрацоўка тэкставай і графічнай інфармацыі газетна-часопісных выданняў»). 

Спецыяльнасць  «Выдавецкая справа» — новая для нашай краіны. Нягледзячы на тое, што кнігавыданне ў Беларусі мае даўнія традыцыі і звязана з такімі вядомымі ўсяму свету імёнамі, як Ф. Скарына, С. Будны, падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй для выдавецкай справы Беларусі ажыццяўляецца параўнальна нядаўна.

Сёння змяняецца як сэнс, так і месца выдаўца ў паліграфіі. Сучасны выдавец павінен дасканала валодаць працэсамі і камп’ютарнымі тэхналогіямі апрацоўкі тэкставай і выяўленчай інфармацыі, якія з’яўляюцца істотнай часткай выдавецкага працэсу. Сярод асноўных дысцыплін, якія вывучаюць студэнты ў працэсе навучання, можна выдзеліць наступныя:

Аўтарскае права
Агульны курс рэдагавання
Рэдактарская падрыхтоўка па галінах ведаў
Рэдагаванне газетна-часопісных выданняў
Рэдагаванне навукова-тэхнічнай літаратуры
Рэдагаванне асобных відаў літаратуры
Рэдактарская падрыхтоўка выданняў для дзяцей
Рэдактарская падрыхтоўка літаратурна-мастацкіх выданняў
Тэхналогія рэдакцыйна-выдавецкай справы
Рэклама і прапаганда кнігі
Кнігазнаўства
Тэксталогія
Бібліяграфія
Гісторыя кнігі
Сучасная выдавецкая справа і статыстыка друку
Апрацоўка тэкставай інфармацыі
Апрацоўка выяўленчай інфармацыі
Web-дызайн і падрыхтоўка электронных выданняў
Паліграфічныя матэрыялы
Мадэляванне і аптымізацыя тэхналагічных працэсаў рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій і інш.

На працягу вучэбнага працэсу студэнты наведваюць спецыялізаваныя выставы выдавецка-паліграфічнага комплексу («СМИ в Беларуси», «TIBO», «Международная книжная выставка-ярмарка», «Дизайн-Формат» і інш.), знаёмяцца з дзейнасцю Міністэрства інфармацыі, Нацыянальнай кніжнай палаты, Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, буйных кніжных крамаў, тыпаграфій і рэкламных кампаній. Ужо з другога курса студэнты праходзяць вытворчую практыку ў вядучых дзяржаўных, сумесных і прыватных выдавецтвах і рэдакцыях перыядычных выданняў.

Мы плённа супрацоўнічаем з Міністэрствам інфармацыі, Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, арганізуем сумесныя семінары па найбольш актуальных праблемах выдавецка-паліграфічнага комплексу. супрацоўнікі міністэрстваў удзельнічаюць у рабоце дзяржаўных экзаменацыйных камісій, пры размеркаванні маладых спецыялістаў.
 

         
Абмеркаванне актуальных праблем галіны выкладчыкамі кафедры і студэнтамі з намеснікам Міністра інфармацыі І.М. Лапцёнкам (2011 год) 

Мы цесна супрацоўнічаем і з дзяржаўнымі, сумеснымі, прыватнымі выдавецтвамі, рэдакцыямі перыядычных выданняў. Для павышэння якасці падрыхтоўкі студэнтаў па спецыяльнасці «Выдавецкая справа» кафедрай арганізаваны сумесны вучэбна-навукова-вытворчы комплекс з выдавецтвам «Народная асвета». Вядучыя супрацоўнікі выдавецтваў запрашаюцца да чытання лекцый і правядзення практычных заняткаў. 

        
Знаёмства студэнтаў з напрамкамі дзейнасці выдавецтва «Вышэйшая школа» 

        
Гутарка студэнтаў з дырэктарам і вядучым рэдактарам выдавецтва «Народная асвета»
        

Знаёмства з асартыментам друкаванай прадукцыі, прадстаўленай у цэнтральных кнігарнях г. Мінска
                

Знаёмства з дзейнасцю аддзела «Кнігазнаўства» Нацыянальнай бібліятэкі. Наведванне музея «История книги»
        
        
Заняткі праводзяцца ў лабараторыях, забяспечаных сучасным паліграфічным абсталяваннем 

У рамках агульнай дамовы аб сумеснай дзейнасці паміж універсітэтамі кафедра актыўна супрацоўнічае з Маскоўскім дзяржаўным універсітэтам друку (Расія), Інстытутам рускай мовы імя А.С.Пушкіна (Расія), Кіеўскім нацыянальным універсітэтам імя Т. Шаўчэнкі і Украінскай акадэміяй друку (Україна), Універсітэтам імя Марыі Складоўскай-Кюры (Польшча), Лейпцыгскім універсітэтам прыкладных навук (Германія), вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Літвы і інш. 

        
У верасні 2012 г. універсітэт  наведала група студэнтаў спецыяльнасці «Выдавецкія тэхналогіі» Лейпцыгскага універсітэта прыкладных навук (г. Лейпцыг, Германія) 

Вынікі навуковай працы кафедры падводзяцца на штогадовых навукова-тэхнічных канферэнцыях універсітэта (секцыя «Издательское дело и полиграфия»). Супрацоўнікі кафедры прымаюць актыўны ўдзел у працы міжнародных канферэнцый. Вынікі навуковых прац друкуюцца ў навуковых зборніках, часопісах Нацыянальнай акадэміі навук, тэзісах і дакладах міжнародных канферэнцый. Выкладчыкі кафедры паспяхова кіруюць навуковай працай студэнтаў, пра што сведчаць штогадовыя даклады на навукова-тэхнічных канферэнцыях універсітэта, удзел у конкурсах на лепшую студэнцкую работу — універсітэцкіх, рэспубліканскіх, міжнародных. Штогод каля 30 распрацовак кафедры ўкараняюцца як у вытворчасць, так і ў вучэбны працэс. 

                Дыпломныя работы выпускнікоў кафедры выконваюцца з выкарыстаннем мультымедыйных тэхналогій. Значны працэнт такіх работ выконваецца з элементамі навуковых даследаванняў.

Кантактная інфармацыя:
Заг. кафедры: Куліковіч Уладзімір Івановіч
Тэл.: 8 (017) 327-72-30
Адрас: г. Мінск, вул. Свярдлова, 13а, корп. 4, ауд. 117 
Е-mail: [email protected]