Гісторыя кафедры

На базе лесатэхнічнага інстытута ў 1934 г. была арганізавана самастойная кафедра грамадскіх навук, якой загадваў дацэнт М.І. Ахрэмчык. У склад кафедры ўваходзілі Т.А. Базылёў і выкладчык Ф.Т. Касцюковіч. Праз тры гады, у 1937 г. на базе кафедры грамадскіх навук, была створана кафедра асноў марксізму-ленінізму, дзе былі больш дакладна вызначаны яе навуковыя напрамкі. Гэтая кафедра разам з іншымі грамадскімі навукамі, уключала вывучэнне студэнтамі палітычнай эканоміі.

У гады вайны інстытут эвакуіраваўся ў г. Свярдлоўск. Пасля вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў інстытут вяртаецца ў г. Гомель, дзе калектыў кафедры аднавіў вучэбна-выхаваўчую, навукова-даследчую працу.

У 1946 г. інстытут з г. Гомеля пераводзіцца ў г. Мінск. Павысілася яго значнасць, і ўзраслі патрабаванні да прафесарска-выкладчыцкаму складу. У сувязі з ростам інстытута, значным павелічэннем колькасці студэнтаў пачаўся працэс разузбуйнення аб'яднанай кафедры. Першай вылучылася ў самастойнае структурнае падраздзяленне кафедра гісторыі КПСС (заг. кафедры дацэнт У.І. Мартавіцкі). Працягвала функцыянаваць кафедра марксісцка-ленінскай філасофіі, палітэканоміі і навуковага камунізму. Узначаліў яе, пасля сыходу на пенсію дацэнта М.І. Ахрэмчыка, дацэнт Г.І. Піўцайкін. На кафедры выкладаў палітычную эканомію дацэнт Ц.А. Нямцоў. У лютым 1966 загадчыкам дадзенай кафедры абіраецца дацэнт У.І. Старавойтаў.

У 1967 годзе ў самастойны калектыў вылучаецца кафедра палітычнай эканоміі, якую ўзначаліў доктар эканамічных навук, прафесар Пётр Міхайлавіч Трафімаў.

   

Доктар эканамічных навук, прафесар Пётр Міхайлавіч Трафімаў

 

Для каардынацыі і працы грамадскіх кафедраў у 1968 г. ствараецца Савет кафедраў грамадскіх навук, якім кіраваў прафесар П.М. Трафімаў (1965-1983 гг.).

На кафедры з 1983 года працаваў доктар эканамічных навук, прафесар Кулажанка Уладзімір Андрэевіч. З 1983 па 1992 гг. ён быў загадчыкам кафедры палітычнай эканоміі.

   

Доктар эканамічных навук, прафесар  Уладзімір Андрэевіч Кулажанка

 

У 1991 г. назва дысцыпліны «Палітычная эканомія» у адпаведнасці з рашэннем Міністэрства адукацыі змяняецца на «Асновы эканамічнай тэорыі». Загадам рэктара ад 4 верасня 1991 г. кафедра палітычнай эканоміі, разам з кафедрамі навуковага камунізму і гісторыі КПСС былі ліквідаваныя і створана кафедра гісторыі, паліталогіі і асноў эканамічнай тэорыі. У такім складзе кафедра праіснавала да 05.07.1993 г., калі была створана кафедра эканомікі, дзе выкладалася дысцыпліна «Асновы эканамічнай тэорыі».

Узначаліў кафедру ў 1993 годзе доктар эканамічных навук, прафесар Жаліба Барыс Мікалаевіч. У склад кафедры ўваходзілі 2 прафесары, 4 дацэнта, 1 старшы выкладчык, 1 асістэнт.

Асноўны навуковы напрамак кафедры - даследаванне эканамічных праблем рынкавага механізму кіравання хіміка-лясным комплексам.

З 06.06.1997 г. кафедра эканомікі была перайменавана ў кафедру эканомікі і маркетынгу. 02.09.1997 г. прызначаецца выконваючым абавязкі дацэнт Грыгарцэвіч С.В., які прапрацаваў на гэтай пасадзе да 27.10.1999 г.

З 01.11.1999 г. і па цяперашні час кафедрай кіруе доктар эканамічных навук, прафесар Бараноўскі Станіслаў Іванавіч.

   
             Доктар эканамічных навук, прафесар Станіслаў Іванавіч Бараноўскі

 

Па ініцыятыве праф. Бараноўскага С.І. назва кафедры эканомікі і маркетынгу, загадам рэктара універсітэта, праф. Жарскага І.М. ад 27.01.2000 г. пераймяноўваецца ў кафедру эканамічнай тэорыі і маркетынгу.

Кафедра становіцца профільнай па спецыяльнасці «Маркетынг» і вядзе навучанне студэнтаў па 25 спецыяльнасцях (сацыяльна-гуманітарных, агульнанавуковых спецыяльных і спецыялізацыях).