Кафедра лесаўпарадкавання

Кантактная інфармацыя кафедры лесаўпарадкавання: 
Адрас: 220050, Мінск, вул. Свярдлова, 13а.
тэл. (017) 226-08-43

E-mail: [email protected]

Cайт кафедры: https://lu.belstu.by

 

Гісторыя кафедры

 

 Служба лесаўпарадкавання ў нашай краіне мае багатую гісторыю і традыцыі, якія склаліся даўнія часы і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Яшчэ ў часы вытокаў беларускай дзяржаўнасці - у Вялікім Княстве Літоўскім праводзіліся спецыяльныя работы па упарадкаванню лясоў, па «прывядзенню лясоў у вядомасць». У Савецкія часы нацыяналізацыя лясоў на тэрыторыі Беларусі выявіла патрэба мець аб'ектыўныя звесткі па колькаснай і якаснай іх характарыстыцы. У рэспубліцы была створана служба лесаўпарадкавання, што абумовіла неабходнасць падрыхтоўкі ўласных кадраў лесаўладкавальнікаў. 

У пачатку пры Горацкім сельгасінстытуце (1919 г.), затым у Беларускім інстытуце сельскай гаспадаркі (1923 г. Мінск) былі адкрыты лесагаспадарчыя факультэты і створаны кафедры лясной таксацыі і лесаўпарадкавання. У Горках кафедру ўзначальваў прафесар У.І. Мархін, а ў Мінску - А.В. Таўсталес. У 1925 году адбылося зліццё двух факультэтаў, і з 1926 года кафедру лясной таксацыі і лесаўпарадкавання ўзначаліў прафесар В.К. Захараў. Менавіта ў такім выглядзе яна і пачала сваё існаванне ў складзе Ляснога інстытута ў Гомелі (1930 г.). 

З першых дзён існавання кафедры яе калектыў ўключыўся ў падрыхтоўку інжынерных кадраў для лясной гаспадаркі, у навуковую і метадычную працу. Пад кіраўніцтвам прафесара В.К. Захарава была створана спецыяльная рабочая група, нацэленая на вывучэнне таксацыйных і размерна-якасных характарыстык сыравіны, атрымліваемай з асноўных лесаўтваральных парод Беларусі. Калектывам кафедры пад кіраўніцтвам прафесара В.К. Захарава была распрацавана даведачна-нарматыўная база для лесаўпарадкавальных партый Беларусі.

З 1952 г. кафедры дазволена падрыхтоўка навуковых кадраў праз аспірантуру. Прафесар Захараў В.К. стварыў прызнаную школу навукоўцаў-таксатараў. У розны час яго аспірантамі былі: прафесар Ярмакоў В.Я., прафесар Янушка А.Д., прафесар Галавачоў  В.С., прафесар Сіроткін Ю.Д., прафесар Арэшчанка В.Д., прафесар Атрошчанка А.А., дацэнт Мірошнікаў У.С., дацэнт Труль А.А., дацэнт Кісялёў А.Ф., дацэнт Міхнюк Д.У. і інш. Зараз прафесара А.А. Атрошчанка і В.Я. Ярмакоў маюць свае школы.

З 1967 па 1977 гг. кафедрай лясной таксацыі і лесаўпарадкавання кіраваў дацэнт, кандыдат сельскагаспадарчых навук У.С.Мірошнікаў, а з 1977 года - прафесар, доктар сельскагаспадарчых навук В.Я. Ярмакоў. У 1985 годзе ў склад кафедры лесаўпарадкавання і лясной таксацыі ўлілася кафедра інжынернай геадэзіі. 

Вялікі аб'ём лесаўпарадкавальных работ запатрабаваў стварэння Беларускага лесаўпарадкавальнага трэсту, які аб'ядноўваў шэсць экспедыцый. У наступным ён перайменаваны ў Беларускае лесаўпарадкавальнае прадпрыемства ў складзе ВА "Леспроект", якое мела вялікую вытворчую базу таксама выкарыстоўваемую кафедрай у падрыхтоўцы спецыялістаў для лясной гаспадаркі і лесаўпарадкавання. У 1987 годзе на базе гэтага прадпрыемства быў створаны філіял кафедры лесаўпарадкавання, які дазволіў узмацніць практычную падрыхтоўку спецыялістаў.

З 1991 года па 2007 год кафедрай загадваў прафесар, доктар сельскагаспадарчых навук А.А. Атрошчанка. Дзякуючы яго намаганням кафедра лесаўпарадкавання ўстанавіла творчыя сувязі з роднаснымі кафедрамі шэрагу ВНУ еўрапейскіх краін і Паўночнай Амерыкі. Прафесар А.А. Атрошчанка з'яўляецца галоўным канструктарам «Інфармацыйнай сістэмы кіравання лясной гаспадаркай». Пад яго кіраўніцтвам распрацавана сістэма бесперапыннага лесаўпарадкавання з выкарыстаннем выбарачнай лесаінвентарызацыі і геаінфармацыйных сістэм.

З 2007 года па 2012 кафедрай кіраваў дацэнт, кандыдат сельскагаспадарчых навук У.П. Машкоўскі, а з 2012 года па цяперашні час кафедрай загадвае дацэнт, 
кандыдат сельскагаспадарчых навук  І.У. Тоўач.

У цяперашні час кафедра вядзе падрыхтоўку на чатырох факультэтах: лесагаспадарчым, тэхналогіі і тэхнікі лясной прамысловасці, інжынерна-эканамічным і завочным. За кафедрай лесаўпарадкавання замацавана 21 вучэбная дысцыпліна, ажыццяўляецца магістранцкая і аспіранцкая падрыхтоўка.