Кафедра аналітычнай хіміі

Гісторыя кафедры

1964-1974

 Кафедра аналітычнай хіміі была заснавана ў 1964 г. у выніку падзелу кафедры фізічнай, калоіднай і аналітычнай хіміі. Загадчыкам кафедры стаў канд. хiм. навук, дац. В. Ф. Бойка. За кафедрай была замацавана адна дысцыпліна - "Аналітычная хімія», а ў 1968/69 навуч. г. за кафедрай быў замацаваны таксама курс «Фізіка-хімічныя метады аналізу».   Пад кіраўніцтвам дац. В.Ф. Бойкi на кафедры праводзіліся навуковыя даследаванні па наступных напрамках:

Фізіка-хімічныя даследаванні тонкадысперсных шматкампанентных сістэм і сілікатных матэрыялаў;

Распрацоўка новых метадаў хімічнага і фізіка-хімічнага аналізу;

Даследаванне цвердафазных рэакцый у баратных і сілікатных сістэмах, сінтэз тэрмаўстойлівых пігментаў і фарбаў.

1974-1998

З 1974 кафедру ўзначаліў д-р хiм. навук, праф. А. К. Баеў, пад кіраўніцтвам якога атрымалі развіццё навуковыя даследаванні па наступных напрамках:

Даследаванні ў галіне фізіка-хімічнага аналізу злучэнняў элементаў III, V і VI груп, пераходных металаў і крамнязёму з мэтай распрацоўкі тэарэтычных асноў іх раздзялення і колькаснага вызначэння;

Тэрмадынаміка і кінетыка тэрмараспаду карбанільных і элементаарганiчных злучэнняў;

Фізіка-хімічныя даследаванні гетэраполiядзерных гiдроксакомплексаў і вывучэнне іх ролі пры канцэнтраваннi і раздзяленнi рэчываў.

Паколькі аналітычная хімія цесна звязана з прамысловасцю, то калектыў кафедры надаваў шмат увагі распрацоўцы методык тэхнічнага аналізу для патрэб прадпрыемстваў, асабліва методык аналітычнага кантролю сілікатнай і шкляной вытворчасцяў.  У канцы 70-х гг. было пачата сістэматычнае даследаванне комплексаўтварэння ў водных растворах - ацыдакомплексаўтварэння і палiядзернага гiдроксакомплексаўтварэння, у т. л. гетэраядзернага. У выніку праведзеных на кафедры даследаванняў, якія доўжыліся амаль 20 гадоў, быў атрыманы вялікі аб'ём навуковых звестак, што дазволіла ўстанавiць заканамернасці і ўмовы атрымання гетэраядзерных гiдроксакомплексаў. Па гэтым навуковым напрамку супрацоўнікі кафедры абаранілі 3 кандыдацкія дысертацыі (дац. А.У. Радзівон, кандыдаты хімічных навук М.Н. Капыловіч і Я.А. Цялушчанка).

1998 -2010 

З 1998 кафедрай кіруе канд. хiм. навук, дац. А.В. Радзівон. У цяперашні час у штаце кафедры 7 выкладчыкаў. Кафедра ажыццяўляе выкладанне 4 дысцыплін - "Аналітычная хімія», «Аналітычная хімія і фізіка-хімічныя метады аналізу», «Агульная і аналітычная хімія», «Фізіка-хімічныя метады аналізу» - для ~ 2000 студэнтаў хіміка-тэхналагічных і лесагаспадарчых спецыяльнасцей факультэтаў ТАР, ХТiТ, ВСiП, ЛГФ і завочнага. 

Працягваючы традыцыі выкладчыкаў першага пакалення, новы педагагічны калектыў надае вялікую ўвагу вучэбна-метадычнай рабоце. Пасля 15-гадовага перапынку ўзноўлены лабараторны практыкум па раздзеле курса «Якасны аналіз». Дзякуючы значнаму ўмацаванню матэрыяльнай базы кафедры быў створаны практыкум па газа-вадкаснай храматаграфіі і інверсійнай вольтампераметрыi, атрымалі развіццё і / або былі мадэрнізаваны многія лабараторныя работы з выкарыстаннем інструментальных метадаў аналізу. З'явілася магчымасць укаранення ў навучальны працэс новых лабараторных работ і сучасных адукацыйных тэхналогій. Лектары А.В. Радзівон, Н.А. Каваленка, А.Я. Сакалоўскі, Ул.М. Каўганка і Т. М. Зiнькова выкарыстоўваюць методыку чытання лекцый з ужываннем мультымедыйнага экрана, у навучальны працэс укаранёна камп'ютарная навучальна-кантралявальная праграма па аналітычнай хіміі, сучаснае праграмнае забеспячэнне Unichrom для выканання лабараторных работ па газа-вадкаснай храматаграфіі і інверсійнай вольтампераметрыi, а таксама прыкладное забеспячэнне для графічнай і статыстычнай апрацоўкі вынікаў аналізу. 

Адметнай асаблівасцю новага этапу развіцця кафедры з'яўляецца выкарыстанне сучаснага хіміка-аналітычнага, вагавага і агульналабараторнага абсталявання, што дазваляе калектыву на досыць высокім узроўні праводзіць лабараторныя заняткі і навуковыя даследаванні. Кафедра падключана да сеткі Internet і мае неабходную аргтэхніку, якая дазваляе аўтаматызаваць інфармацыйную працу (камп'ютары, прынтары, шматфункцыянальны капіравальны апарат). 

Газавыя храматографы і ўстаноўкi для вольтампераметрыi ў навучальных лабараторыях злучаны з ПК праз знешнія модулі ADC L-net. Рэгістрацыю, апрацоўку і захоўванне храматаграфічных і інверсійна-вольтампераметрычных даных, а таксама стварэнне пратаколаў вымярэнняў і справаздач студэнты ажыццяўляюць з дапамогай сучаснага праграмнага забеспячэння UniChrom. Усё гэта стала магчымым дзякуючы бязвыплатнай дапамозе аўтараў-распрацоўнікаў праграмнага забеспячэння і вытворцаў аналага-лічбавага вонкавага пераўтваральніка - супрацоўнікаў ТАА «Новыя аналітычныя сістэмы» (г. Мінск) і яго дырэктара С.В. Чарапіцы. 

З 2014 г. кафедрай кіруе канд. хiм. навук, дац. Н.А.Каваленка, аўтар больш як 180 навуковых прац i 10 патэнтаў. Кафедра працягвае выкладанне 4 дысцыплін - "Аналітычная хімія», «Аналітычная хімія і фізіка-хімічныя метады аналізу», «Агульная і аналітычная хімія», «Фізіка-хімічныя метады аналізу». У вучэбны працэс укараняюцца методыкi дыстанцыйнага навучання аналітычнай хіміі для  студэнтаў факультэта ТАР (лектар Н.А.Каваленка).

Такім чынам, кафедра аналітычнай хіміі сфармавалася як самастойнае вучэбна-навуковае падраздзяленне факультэта ТАР, якое мае ўласны кадравы патэнцыял, матэрыяльна-тэхнічную базу і пэўныя дасягненні ў вучэбна-метадычнай і навукова-даследчай дзейнасці.