Кафедра тэхналогіі і дызайну вырабаў з драўніны

Гісторыя кафедры.


   Гісторыя кафедры бярэ свой пачатак з 1930 года, калі ў г. Гомелі ў складзе Беларускага лесатэхнічнага інстытута была створана кафедра механічнай тэхналогіі драўніны (МТД).

   У пасляваенны перыяд ў 1946 годзе ўжо ў г. Мінску кафедра МТД была зноў арганізавана і яе загадчыкам да 1959 года быў доктар тэхнічных навук, прафесар Аляксандр Львовіч Бяршацкі, 120-годдзе з дня нараджэння якога адзначалася ў 2005 годзе.


 

  Бяршацкі А.Л.


 

Кафедра МТД пад кіраўніцтвам прафесара А.Л. Бяршацкага стала кузняй як інжынерных, так і навуковых кадраў, яна з'явілася родапачынальніцай усіх кафедраў дрэваапрацоўчага профілю.

У 1949 годзе з складу кафедры МТД была выдзелена кафедра лесапільнай і фанернай вытворчасці, з якой у 1961 вылучылася кафедра драўняных пластыкаў і новых матэрыялаў (пазней кафедра тэхналогіі клееных матэрыялаў і пліт), а ў 1968 годзе з кафедры МТД вылучылася кафедра дрэваапрацоўчых станкоў і інструментаў .

Кафедру лесапільнай вытворчасці (ў 1976 г. перайменавана ў кафедру тэхналогіі піламатэрыялаў) з дня яе заснавання і да 1986 года ўзначальваў Заслужаны работнік вышэйшай школы БССР, доктар тэхнічных навук, прафесар Мікалай Арсеньевіч Бацін.


 

Прафесар Бацін М.А.


 

Прафесар М.А. Бацін унёс значны ўклад ва ўдасканаленне навучальнага працэсу і развіццё навуковых даследаванняў. Распрацаваная ім тэорыя раскрою  піловачнай сыравіны на пілапрадукцыю спрыяе рацыянальнаму выкарыстанню драўнянай сыравіны, зберажэнню лясных багаццяў нашай краіны і паляпшэнню экалагічнай сітуацыі ў Беларусі.

Прафесар М.А. Бацін  стварыў навуковую школу і многія яго вучні і сёння працуюць на кафедры.
У 1986 загадчыкам кафедры тэхналогіі піламатэрыялаў стаў кандыдат тэхнічных навук, дацэнт А.А.Янушкевич.

Кафедру тэхналогіі вырабаў з драўніны, якая з'явілася правапераемніцай кафедры МТД, з 1959 па 1976 узначальваў к.т.н. дацэнт Л.А. Манкевіч, з 1976 па 1982 год - к.т.н. дацэнт У.І. Мікулінскі, з 1982 - па 1988 - к.т.н. прафесар А.А. Барташэвіч.

У 1988 годзе ў сувязі з перабудовай вышэйшай школы дзве кафедры - тэхналогіі піламатэрыялаў і тэхналогіі вырабаў з драўніны былі аб'яднаны ў адну - кафедру тэхналогіі дрэваапрацоўчых вытворчасцей, загадчыкам якой быў абраны к.т.н. дацэнт А.А. Янушкевіч.

У склад кафедры з 1957 года ўваходзіла навукова-даследчая лабараторыя механічнай тэхналогіі драўніны, якая ў 1972 году па рашэнні ДКНТ СССР стала праблемнай НДЛ комплекснай перапрацоўкі драўнянай сыравіны і з'яўлялася навуковым рэспубліканскім цэнтрам па рашэнні найважнейшых навукова-тэхнічных задач дрэваапрацоўкі.

Агульная інфармацыя аб кафедры.


Кафедра тэхналогіі і дызайну вырабаў з драўніны (ТДВД) выпускае студэнтаў па спецыяльнасцях:

  • 1-46 01 02 «Тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей» (спецыялiзацыi - 1-46 01 02 02 «Тэхналогія і дызайн мэблі», 1-46 01 02 04 «Тэхналогія музычных інструментаў»);
  • 1-08 01 01 «Прафесійнае навучанне» (накірунак спецыяльнасці 1-08 01 01-04 "Дрэваапрацоўка").

На кафедры працуюць: заг. каф., к.т.н. Шэцька С.В., прафесар к.т.н. Барташэвіч А.А., дацэнты к.т.н.    Ігнатовіч Л.У., Прохарчык С.А., Трафімаў С.П., Пардаеў А.С., асістэнты  Наліўко А.В, Гайдук С.С., Рудак А.Г., Чуйкоў А.С., Скроцкі А.І.

Выкладчыкі кафедры праводзяць вучэбныя заняткі са студэнтамі факультэтаў: тэхналогіі і тэхнікі лясной прамысловасці, інжынерна-эканамічнага, лесагаспадарчага, а таксама завочнага.

Выпускнікі па спецыяльнасці тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей (інжынеры-тэхнолагі) размяркоўваюцца на дрэваапрацоўчыя і мэблевыя прадпрыемствы розных міністэрстваў і ведамстваў, а таксама на сумесныя і прыватныя прадпрыемствы, у каледжы і тэхнікумы, у НДІ і праектныя арганізацыі. Выдатнікі вучобы, якія праявілі здольнасць да навуковых даследаванняў, паступаюць у магістратуру і аспірантуру.

Выпускнікі па спецыяльнасці «Прафесійнае навучанне» (інжынеры-педагогі) размяркоўваюцца на выкладчыцкую працу ў прафесійна-тэхнічныя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, а таксама інжынерамі на дрэваапрацоўчыя і мэблевыя прадпрыемствы.

Асноўнымі навуковымі напрамкамі кафедры з'яўляюцца:

  • тэарэтычныя і эксперыментальныя даследаванні па ўдасканаленні тэхналагічных працэсаў лесапільна-дрэваапрацоўчай, сталярна-будаўнічай і мэблевай вытворчасці;
  • стыле- і формаўтварэнне вырабаў мэблі, асновы рацыянальнага канструявання вырабаў з драўніны.

Вынікі НДР, выкананых супрацоўнікамі кафедры, выкарыстоўваюцца на прадпрыемствах канцэрна "Беллеспаперапрам" і прыватнай формы. Да выканання НДР шырока прыцягваюцца студэнты-выпускнікі кафедры.

Кафедра праяўляе актыўнасць у арганізацыі рэспубліканскіх выстаў мэблі, правядзенні міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў мэблі (старшыня і два члены журы з'яўляюцца супрацоўнікамі кафедры), мае добрую дзелавую сувязь з акадэміямі навук (НАН Беларусі, Расійскай акадэміяй натуральных навук, Міжнароднай акадэміяй архітэктуры). Кафедра супрацоўнічае з шэрагам роднасных ВНУ - Маскоўскім ДЛТУ, СПб. ЛТА ім. С.М. Кірава, Варонежскім дзяржаўным лесатэхнічным універсітэтам, Уральскiм дзяржаўным лесатэхнічным універсітэтам.

Кантакты

Паштовы адрас - 220050, г. Мінск, вул. Свярдлова, 13а, кафедра тэхналогіі і дызайну вырабаў з драўніны

Тэлефон кафедры - (017) 327-67-41

Электронная пошта - [email protected]