Гісторыя

 

1 чэрвеня 1930 года на аснове ляснога факультэта Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі быў створаны Лясны інстытут, урачыстае адкрыццё якога адбылося 1 кастрычніка ў Гомелі. Перад новай тэхнічнай вышэйшай установай адукацыі рэспублікі была пастаўлена задача  падрыхтаваць інжынерныя кадры для лясной гаспадаркі, лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці.

    

У 1934 годзе Лясны інстытут перайменаваны ў Беларускі лесатэхнічны інстытут, і ў 1935 годзе яму прысвоена імя С. М. Кірава.

У сувязі з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 годзе інстытут быў эвакуіраваны ў Свярдлоўск і ўключаны ў склад Уральскага лесатэхнічнага інстытута. У 1944 годзе пасля вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў інстытут вярнуўся ў Беларусь. У жніўні 1946 года пераехаў у Мінск.

У 1961 годзе ў сувязі з хуткім развіццём хімічнай прамысловасці інстытуту была даручана падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй для хімічнага комплексу і ён быў перайменаваны ў Беларускі тэхналагічны інстытут імя С. М. Кірава.

        

За значныя дасягненні ў падрыхтоўцы інжынерных і навуковых кадраў, а таксама за развіццё навуковых даследаванняў БТІ імя С. М. Кірава Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 20 кастрычніка 1980 года быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

У 1988 годзе за поспехі ў працы Савет Міністраў СССР уключыў інстытут у лік вядучых вну краіны.

Сапраўдны росквіт тэхналагічнага інстытута пачаўся ў канцы 1980-х гадоў: развівалася навука, адкрываліся новыя спецыяльнасці, паляпшалася матэрыяльная база, укамплектоўваліся ўнікальным абсталяваннем лабараторыі. У 1993 годзе Урад Беларусі прыняў рашэнне аб перайменаванні інстытута ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.

 

Пашырылася сфера тэхналагічных кампетэнцый: універсітэт пачаў падрыхтоўку спецыялістаў у галіне паліграфічных вытворчасцей і абсталявання, апрацоўкі інфармацыі і выдавецкай справы, нафтахімічнага сінтэзу, лакаў і фарбаў, прамысловай экалогіі, біяэкалогіі, сертыфікацыі, аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў, біятэхналогіі, лекавых прэпаратаў, парфумерна-касметычных прадуктаў, энергаэфектыўных тэхналогій, менеджменту, маркетынгу і інш.

У 2005 годзе Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь універсітэту нададзены статус вядучай вышэйшай навучальнай установы ў лясной, хімічнай і паліграфічнай галінах.

У 2007 годзе рашэннем Савета кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў Беларускаму дзяржаўнаму тэхналагічнаму ўніверсітэту нададзены статус базавай вну СНД па адукацыі ў галіне лясной гаспадаркі і лясной прамысловасці.

У 2009 годзе БДТУ першым сярод навучальных устаноў краіны ўвёў сістэму менеджменту якасці адукацыі, якая адпавядае патрабаванням беларускай сістэмы сертыфікацыі СТБ ISO 9001-2009 і нямецкай сістэмы сертыфікацыі DIN EN ISO 9001:2008.

У 2010 годзе за асаблівыя дасягненні ў сацыяльна-культурным развіцці, шматгадовую плённую дзейнасць па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў універсітэт быў узнагароджаны Ганаровым дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь.

20 красавіка 2011 года Беларускаму дзяржаўнаму тэхналагічнаму ўніверсітэту ўручана Прэмія Ураду Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці.