Навуковая школа

 

 

Навуковая школа прафесара М.А. Баціна

 

   На кафедры дзейнічае навуковая школа па тэорыі раскрою піловачнай сыравіны, комплексным выкарыстанні драўніны і ўдасканаленні лесапільна-дрэваапрацоўчых вытворчасцей. Заснавальнікам школы з'яўляецца Мікалай Арсеньевіч Бацін, доктар тэхнічных навук, прафесар, заслужаны работнік вышэйшай школы БССР. Школа М.А. Баціна адносіцца да ліку найбольш значных, якія атрымалі вядомасць у краінах СНД і далёкага замежжа. Год стварэння школы – 1946 г.

Батин   2011 год – год 100-гадовага юбілею з дня нараджэння М.А. Баціна. У гісторыю лясной навукі Мікалай Арсеньевіч увайшоў як выдатны вучоны, таленавіты педагог і арганізатар лесатэхнічнай адукацыі ў Беларусі.

   М.А. Бацін нарадзіўся 8 сакавіка 1911 г. у Валагодскай вобласці. Пасля заканчэння Архангельскага лесатэхнічнага інстытута і аспірантуры ён ў 1939 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю і працаваў дацэнтам і дэканам факультэта механічнай тэхналогіі драўніны АЛТІ. З першых і да апошніх дзён Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Арсеньевіч у складзе Ленінградскага, Волхаўскага і 1-га Украінскага франтоў абараняў Радзіму.

   З 1946 г. жыццё і дзейнасць М.А. Баціна непарыўна звязана з Беларускім тэхналагічным універсітэтам. На працягу 15 гадоў М.А. Бацін працаваў прарэктарам інстытута па вучэбнай і навуковай працы. У гэты цяжкі пасляваенны перыяд шмат сіл ім было аддадзена аднаўленню і развіццю інстытута, пашырэнню яго вучэбна-лабараторнай базы, удасканаленні вучэбнай, навукова-даследчай і выхаваўчай працы.

   М.А. Бацін – буйны вучоны ў галіне тэорыі і практыкі рацыянальнага раскрою піловачнай сыравіны, яго глыбокія арыгінальныя тэарэтычныя даследаванні вядомыя шырокаму колу спецыялістаў, уключаны ў вучэбную літаратуру, укаранены ў вытворчасць. У 1964 г. ён абараніў доктарскую дысертацыю. Навуковыя працы прафесара М.А. Баціна, прысвечаныя рацыянальнаму выкарыстанню драўніны і зберажэнню лясных рэсурсаў, і ў цяперашні час запатрабаваныя спецыялістамі. Яны садзейнічаюць вырашэнню значнай для чалавецтва праблемы – стварэнню рэсурсазберагальных і экалагічна чыстых тэхналогій.

   За вялікія заслугі М.А. Бацін быў узнагароджаны шматлікімі ордэнамі і мядалямі, яму было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік вышэйшай школы БССР». Свае багатыя веды і вялікі жыццёвы вопыт М.А. Бацін шчодра аддаваў моладзі. Вучні прафесара М.А. Баціна і сёння працуюць на кафедры. Імі распрацаваны і ўкаранены ў вытворчасць рэсурсазберагальныя тэхналогіі лесапілавання і аўтаматызаваны вымяральны комплекс для круглых лесаматэрыялаў на базе паўправадніковых лазераў.