Пра ўніверсітэт

Забеспячэнне глыбокіх прафесійных ведаў, уменняў і навыкаў, цэласны працэс развіцця спецыяліста з высокім узроўнем мабільнасці і сацыяльнай адказнасці, пераемнасць і перспектыўнасць ― вось асноўныя прынцыпы сістэмы адукацыі ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце (БДТУ).

На працягу больш чым 80-гадовай гісторыі тэхналагічны ўніверсітэт годна займае вызначальныя пазіцыі ў адукацыйнай і навуковай сферах. Сёння БДТУ прызнаны ў Рэспубліцы Беларусь і краінах СНД вядучай вну ў лясной, хімічнай і паліграфічнай галінах. Універсітэт з'яўляецца базавай арганізацыяй дзяржаў-удзельніц СНД па адукацыі ў галіне лясной гаспадаркі і лясной прамысловасці, а таксама паўнапраўным членам Міжнароднага цэнтра лясной гаспадаркі і лясной прамысловасці.

БДТУ першым сярод вну краіны атрымаў сертыфікаты адпаведнасці сістэмы менеджменту якасці патрабаванням нацыянальнай (СТБ ISO 9001-2009) і нямецкай (DIN EN ISO 9001-2008) сістэм сертыфікацыі.

За асаблівыя дасягненні ў сацыяльна-культурным развіцці, шматгадовую плённую дзейнасць, падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў у 2010 годзе БДТУ быў узнагароджаны Ганаровым дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь. У 2011 годзе ўніверсітэту прысуджана Прэмія Ураду Рэспублікі Беларусь у галіне якасці за ўкараненне высокаэфектыўных метадаў кіравання якасцю і аказанне канкурэнтаздольных паслуг. У гэтым жа годзе БДТУ быў акрэдытаваны ў якасці навуковай арганізацыі і стаў членам Беларуска-Казахстанскага навукова-адукацыйнага кансорцыума.

У 2012 годзе падчас наведвання ўніверсітэта Прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусь Міхаілам Мясніковічам было вырашана ўтварыць на базе БДТУ вучэбна-навукова-вытворчы комплекс, які прадугледжвае скразную сістэму падрыхтоўкі кадраў, а таксама стварэнне новых навуковых структур рознай скіраванасці. І ўжо ў сакавіку 2013 года прынята Пастанова Савета Міністраў, паводле якой пяць каледжаў (Полацкі дзяржаўны лясны каледж, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, Беларускі дзяржаўны каледж прамысловасці будаўнічых матэрыялаў і інш.) далучаны да БДТУ як адасобленыя падраздзяленні.

БДТУ ― гэта сучасны, прэстыжны і дынамічны ў сваім развіцці вучэбна-навукова-вытворчы цэнтр нашай краіны, які будуе сваю дзейнасць на інавацыйных тэхналогіях сусветнага ўзроўню. Вучоныя ўніверсітэта актыўна выконваюць звыш 130 праектаў у рамках 35 навукова-тэхнічных праграм розных узроўняў. Больш за 100 прадпрыемстваў і арганізацый рэспублікі супрацоўнічаюць з тэхналагічным універсітэтам у рамках гаспадарчых дамоў, накіраваных на рашэнне прыкладных праблем.

Прарыў на сусветныя рынкі высокатэхналагічнай прадукцыі і навукова-тэхнічных распрацовак можа быць дасягнуты толькі пры наяўнасці сучаснага абсталявання сусветнага ўзроўню. Таму кафедры ўніверсітэта, а таксама Цэнтр фізіка-хімічных метадаў даследавання, спецыяльна створаны як падраздзяленне калектыўнага карыстання ўнікальным абсталяваннем,  укамплектаваны сучаснай тэхнікай вядучых замежных вытворцаў. Гэта дазваляе выконваць навуковыя даследаванні на высокім узроўні і рыхтаваць інжынерныя кадры на аснове апераджальнага падыходу.

Студэнты з першых курсаў шырока прыцягваюцца да навукова-даследчай работы (НІР) у рамках будучай прафесійнай дзейнасці. Найбольш эфектыўнай формай прыцягнення студэнтаў да НІР з’яўляецца іх праца ў складзе 120 студэнцкіх навуковых аб’яднанняў, творчых лабараторый і гурткоў, у рамках якіх сфарміравана магчымасць своеасаблівай пераемнасці навыкаў вядзення даследаванняў па буйных навуковых і навукова-тэхнічных задачах.

Ва ўніверсітэце выразна фарміруецца прафесійная мабільнасць, паколькі практычнаму навучанню адводзіцца вельмі значны сегмент. У рамках Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь БДТУ сумесна з вядучымі прадпрыемствамі, установамі і арганізацыямі стварыў 34 вучэбна-навукова-вытворчыя цэнтры, адкрыў 15 філіялаў кафедр на буйных прадпрыемствах. Звыш 870 арганізацый з'яўляюцца базамі практык універсітэта. Менавіта такія цэнтры дазваляюць інтэграваць намаганні ўніверсітэта і працадаўцаў у падрыхтоўцы высакакласных спецыялістаў.

Актыўна пашыраецца навуковая і развіваецца практыка-арыентаваная магістратура. Так, з 2011 года вядзецца адзіная ў Рэспубліцы Беларусь праграма дыстанцыйнай падрыхтоўкі спецыялістаў другой ступені вышэйшай адукацыі (магістратура), якую ўніверсітэт рэалізуе сумесна з Вільнюскім універсітэтам імя Гедыміна (г. Вільнюс, Літва). Магістранты спецыяльнасці “Кіраванне нерухомасцю”, якія навучаюцца па дадзенай праграме, маюць магчымасць вывучыць замежны вопыт у сваёй прафесійнай галіне і, прайшоўшы двухгадовы курс навучання, атрымаць два дыпломы: беларускі і еўрапейскі.

Развіццё міжнародных сувязей ― адзін з прыярытэтных кірункаў дзейнасці тэхналагічнага ўніверсітэта. Сярод замежных партнёраў БДТУ ― 118 адукацыйных і навукова-даследчых устаноў 29 краін свету. Дзякуючы сваім шырокім замежным сувязям універсітэт удзельнічае ў шэрагу міжнародных праектаў і праграм, такіх як TEMPUS, Baltic Sea Region, CEI, Norway-Eurasia і інш. Для ўдзелу ў міжнародных навукова-тэхнічных мерапрыемствах (канферэнцыях, семінарах, сімпозіумах), абмену вопытам выкладчыкі, аспіранты, магістранты і студэнты ўніверсітэта штогод выязджаюць за мяжу.

Відавочна тое, што сёння на рынку працы асабліва цэніцца здольнасць хутка навучацца і аператыўна рэагаваць на канкрэтныя сітуацыі і праблемы, якія ўзнікаюць у рэальнай дзейнасці. З гонарам можам адзначыць, што менавіта такіх спецыялістаў і рыхтуе Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.